Вершы Максіма Танка – паэзія дзіцячага здзіўлення і захаплення жыццём. Іронія і свабода, Дантэ і Майн Рыд, верлібры і хоку – гэты пісьменнік адчувае сябе сваім у садзе сусветнай культуры і прыўносіць у беларускую паэзію інтэлектуальнасць і дасціпнасць.
У дзясятым выпуску падкаста «Спіс на лета» выкладчыца Марына Казлоўская і паэтка Даша Бялькевіч
Вершы Максіма Танка – паэзія дзіцячага здзіўлення і захаплення жыццём. Іронія і свабода, Дантэ і Майн Рыд, верлібры і хоку – гэты пісьменнік адчувае сябе сваім у садзе сусветнай культуры і прыўносіць у беларускую паэзію інтэлектуальнасць і дасціпнасць. У дзясятым выпуску падкаста «Спіс на лета» выкладчыца Марына Казлоўская і паэтка Даша Бялькевіч абмяркоўваюць галоўнага падпольшчыка беларускай літаратуры. Чалавек, жыццё якога было поўнае радасці і рызыкі: падлеткам ён бярэ ўдзел у студэнцкіх хваляваннях у Заходняй Беларусі, некалькі разоў пераходзіць мяжу ў трыццатыя, трапляе на «Лукішкі», піша вершы, знаёміцца з будучымі нобелеўскімі лаўрэатамі, сустракае сваю Любоў, падрабляе почыркі і чытае Маякоўскага па-польску. Ён жа – чыноўнік пры надзвычай высокай пасадзе з трывожным чамаданчыкам у вітальні, які кпіць з графаманаў і смяецца з сябе самога, падарожнічае ад Японіі да Канады, піша смелыя верлібры, пяшчотныя эратычныя вершы, ратуе першую кнігу Алеся Разанава, вітае Незалежнасць Беларусі. Максім Танк пражыў амаль усё ХХ стагоддзе і змог зрабіць гэта па ўласных перакананнях. Яскравы, свавольны, па-дзіцячы радасны і мудры – гэты паэт дакладна варты вашай увагі.